Адметна, што наша парафія стала першай, дзе Арцыбіскуп Антэ Ёзіч цэлебраваў Імшу па-за межамі Мінска.
Абраз “Маці Божая Апякунка лясоў” быў пранесены вернікамі і святарамі ва ўрачыстай працэсіі па вуліцах горада і пасля гэтага быў унесены ў касцёл галоўным ляснічым Пружанскага лясгаса Дзмітрыем Козелам. Аўтарам унікальнага абраза стаў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Кузьміч. Праца над абразом Маці Божай Апякункі лясоў, выкананым у старадаўняй тэхніцы ў візантыйскім стылі, працягвалася сем месяцаў. Асноўнымі матэрыяламі іконы з’яўляюцца золата, срэбра, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні. Блакітнымі літарамі падпісаны яе тытул на лаціне: Mater Dei Silvarum Patrona. На абразе — фігура Маці Божай на фоне лясоў, а таксама касцёла і шляхецкага палацыка ў Пружанах.
Падчас гаміліі Апостальскі Нунцый адзначыў: «Сёння мы сабраліся разам, каб праславіць нашага Пана Езуса Хрыста і Яго Маці Марыю, якую мы называем і ўшаноўваем як нашу Маці і Каралеву супакою.Месяц май асаблівым чынам прысвечаны Маці Божай, да якой мы часта звяртаемся, просячы ў Яе дапамогі і абароны ў нашым жыцці. З гэтай нагоды будзе асвячана ікона для ўшанавання вернікамі, з якой кожны хрысціянін зможа чэрпаць натхненне і сілы для сваёй веры і для свайго жыцця.”
Прадстаўнік Папы звярнуўся са словамі падзякі да ўсіх, хто прычініўся да справы стварэння абраза за тое, што яны «не толькі далі нам магчымасць сустрэцца сёння разам, але якія перадусім далі нам магчымасць ушанаваць нашу Маці і Апякунку лясоў тут, на Палессі — у гэтым лясным краі, які многія называюць „лёгкімі Еўропы“. Гэтая зямля дае жыццё чалавеку і дазваляе яму расці, падобна дрэву, каб дзень пры дні даваць кісларод і жыццё іншым. Малю Пана Бога, каб гэтая зямля стала месцам сустрэчы і малітвы пад абаронаю нашай Найсвяцейшай Маці, Апякункі лясоў!».
Напрыканцы святой Імшы пробашч Пружанскай парафіі ксёндз Павел Ярашэвіч падаў прысутным інфармацыю пра абраз і пасля асвячэння усталяваў яго на тое месца, дзе ён і будзе знаходзіцца ў касцёле, каб кожны жадаючы меў магчымасць звярнуцца да Божай Маці Апякункі лясоў са сваімі малітвамі і падзякамі.
Ушанаваць абраз Маці Божай Апякункі лясоў можна штодня ў нашай святыні ад сёння.
25.05.2024