КАСЦЁЛ СЁННЯ
Да 2005 г. вакол касцёла была збудавана агароджа і ўпарадкаваная тэрыторыя. На месцы знішчанага ў 1951 г. помніка Хрыста Збаўцы ўсталяваны Юбілейны крыж да 2000-годдзя хрысціянства. А гранітны цокаль помніка стаў менсай новага па-сабаровага алтара.
У галоўным алтары завешаны велічны абраз Унебаўзяцця НМП, які зафундавалі ў 1994 г. ахвярадаўцы Вера Янушкевіч (ЗША) і Тэафілія Міклашэвіч (Канада), былыя жыхары Пружанаў. У тарцах бочных наваў змешчаныя алтарныя кампазіцыі: злева – абраз св. Антонія з Падуі (абраз набыты ахвярадаўцам ў г. Ніцца (Францыя) у 2003 г.); справа – абраз “Езу, давяраю Табе”, у капліцы пад хорамі ўсталяваны алтар з абразом Маці Божай Вострабрамскай.
23 траўня 2021 падчас Святой Імшы, якую цэлебраваў Апостальскі Нунцый Антэ Ёзіч, быў асвечаны абраз “Маці Божая Апякунка лясоў”, аўтарам якога з’яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Кузьміч. Абраз стаў безумоўным упрыгожваннем святыні. За гэты час праз малітвы, скіраваныя да Маці Божай Апякункі лясоў, ужо здейснены розныя цуды, у тым ліку цуд аздараўлення.
22 траўня 2023 г. у касцёле з’явіліся шматлікія рэстаўраваныя абразы з Заходняй Еўропы і Расіі і 33 рэліквіі розных святых Касцёла (у т.л. часцінка халста з Крывёю Пана Езуса і часцінка Крыжа Пана Езуса, часцінка мошчаў бласлаўлёнага кс. Антонія Бешты-Бароўскага, былога пружанскага дэкана і аднаго з ліку 140 мучанікаў Другой Сусветнай вайны, да якіх быў залічаны св. Папам Янам Паўлам ІІ).
7 ліпеня 2023 г. нішы галоўнага фасада касцёла занялі фігуры (скульптар Вадзім Мацкевіч з Мінска) свв. Ганны і Караля Барамэа ў гонар поўнага першапачатковага тытула гэтай святыні – Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, свв. Ганны і Караля Барамэа. Асвячэнне фігур адбылося падчас парафіяльнага свята 15 жніўня. Цікава, што нішы для гэтых фігур былі зроблены падчас будаўніцтва касцёла, але самі фігуры там раней ніколі не знаходзіліся. На фотаздымках, якія захаваліся, можна ўбачыць, што пэўны час у гэтых нішах стаялі фігуры “Найсвяцейшае Сэрца Езуса” і “Панна Марыя з Дзіцяткам Езусам”, якія зараз сустракаюць вернікаў пры ўваходзе ў святыню з левага і правага боку бабінца.
У канцы траўня 2024 г. на дах галоўнага фасада касцёла былі ўсталяваны пенаклі, якія былі там ад пачатку будаўніцтва, але па нейкім прычынам былі знесены ў савецкія часы.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Парафіяльнае свята адзначаецца ва Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – 15 жніўня.
Кожны месяц 22-га чысла адбываецца адмысловае малітоўнае Набажэнства ў гонар Маці Божай Апякункі лясоў.
Пры парафіі створаны і дзейнічаюць розныя суполкі і касцёльныя рухі: Жывы Ружанец, Маці ў малітве, Апостальства дапамогі душам чыстцовым.