ГІСТОРЫЯ ПАРАФІІ
Да канца XVIІІ ст. рыма-каталіцкія парафіі сёняшняй Пружаншчыны ўваходзілі не толькі ў склад розных дэканатаў, а і дыяцэзій – паўночна-ўсходнія траплялі ў Ружанскі дэканат Віленскай, а паўднёва-заходнія ў Шарашоўскі Луцкай (Луцка-Брэсцкай) дыяцэзіі.
У 1795 г., атрымаўшы статус цэнтра ўезда, Пружаны сталі і цэнтрам аднайменнага дэканата спачатку Луцка-Брэсцкай, потым Віленскай дыяцэзіі, які складаўся з 8-мі парафій: Пружаны, Бяроза-парафія і Бяроза-кляштар (цяпер Бярозаўскі р-н), Ківацічы (цяпер Кобрынскі р-н), Нарэўка (цяпер РП), Сялец і Сігневічы (абодзве Бярозаўскі р-н), Шарашова з філіяй у Вялікім Сяле.
На хвалі рэпрэсіяў пасля паўстання 1863-64 гг., калі былі зачынена шмат касцёлаў і капліц, колькасць парафій дэканата скарацілася да 4-х: Пружаны (без касцёла да 1884 г.), Ківацічы, Сігневічы і Шарашова. Становішча трошкі палепшылася, калі, пасля талярантнага маніфесту 1905 г., адрадзілася парафія ў Сяльцы.

У 1925 г., з утварэннем Пінскай дыяцэзіі, тэрыторыя дэканата, цяпер у яе складзе, павялічылася і складалася з 9-ці парафій: Пружаны, Пружаны-Слабудка (гарнізонная), Альшэва і Бяроза Картузская (абедзьве – цяпер Бярозаўскі р-н), Ківацічы (Стар. Ківацічы, з капліцамі Роўнае (толькі яна ў Пружанскім р-не), Агароднікі-Вежкі і Селішча, (цяпер Кобрынскі р-н), Непамуцэны (інш. назва – Анопаль, цяпер Пружанскі р-н), Сігневічы і Сялец (абедзьве – цяпер Бярозаўскі р-н), Шарашова (цяпер Пружанскі р-н). Парафія Ружаны ўваходзіла на той час у склад Косаўскага дэканату Пінскай дыяцэзіі, а Лыскава – да Ваўкавыскага Віленскай.
У 2-й пал. XVIІІ ст. Пружаны былі і цэнтрам дэканату грэка-каталіцкай Уладзіміра-Пінскай дыяцэзіі.
Пружанская парафія займала даволі вялікую тэрыторыю, складаючыся на пач. XVIІІст. з 26 паселішчаў (1723г.), а напрыканцы стагоддзя (1799г.) – ажно з 47 населеных пунктаў. Колькасць вернікаў у 1800г. складала 1368 чал., у 1863г. – 1749, у 1872г. – 1572, у 1892 – 1967, у 1912 – 1864, у 1919 г. – 2467, у 1933 – 2808, у 1939г. – каля 4000 чал. Да 1864г. разлеглую Пружанскаю парафію абслугоўвалі ксёндз-пробашч і два вікарыя, а пасля, да 1920-х гг. – толькі адзін ксёндз. У 1930-я гг. у Пружанах працавалі 4 святары – ксёндз-пробашч, вікарый, прэфект школаў і пробашч вайсковай парафіі.
У розныя часы да Пружанскай парафіі прыпісваліся філіяльны касцёл у Аранчыцах-Лінаве і капліцы ў: фальварку Букрабаўшчына, вёсках Гарадняны і Плябанцы, маёнтках Доўгае і Куплін, на парафіяльных могілках і ў Доме сясцёр-місіянэрак у саміх Пружанах. У 1930-я гг. у парафіі дзейнічалі: архібрацтва Пакутуючага Сэрца Пана Езуса, брацтва Часу Міласэрнасці, ІІІ-ці Закон св. Францішка, Жывы Ружанец і інш. касцёльныя арганізацыі.
Сёння Пружаны зъяўляюцца цэнтрам дэканата Пінскай дыяцэзіі. У межы дэканата ўваходзяць тры раёны: Пружанскі (Пружаны, Вялікае Сяло, Лыскава, Перадзельск, Ружаны і Шарашова), Бярозаўскі (Бяроза, Белазёрск, Сігневічы і Сялец) і Івацэвіцкі (Волька, Івацэвічы і Косава; парафія Тэлеханы сёння уваходзіць у Пінскі д-т) – усяго 13 парафій.
Made on
Tilda