НАШЫ СВЯТАРЫ
Сардэчна запрашаем пазнаёміцца з нашымі душпастырамі, якія неслі служэнне ў пружанскай парафіі на працягу гісторыі яе існавання
Пробашч - кс. Юрий Варанко
Нарадзіўся 10.12.1982 ў г.Баранавічы. У 2007 г. скончыў Рымска-каталіцкую Вышэйшую Духоўную семінарыю ў г.Гродна. У мае 2007 г. быў пасвечаны ў дыяканы, а ў чэрвені 2008 г. кардыналам Казімірам Свёнткам пасвечаны ў святары. Першыя месцы служэння маладога дыякана – Каменец, Новая Мыш, Брэст. Сярод месцаў, дзе кс.Юрый нёс служэнне ў якасці вікарыя і пробашча – Брэст, Маларыта, Высокае, Дамачава, Пелішча.
У 2016 г. пераведзены ў г.Гомель і прызначаны дырэктарам Дабрачыннай каталіцкай Місіі “Карытас-Міласэрнасць”. Пад кіраўніцтвам кс.Юрыя ў рамках гэтай дзейнасці быў пабудаваны унікальны і першы ў Беларусі інтэгратыўны адукацыйна-тэрапеўтычны цэнтр у Дзіцячай вёсцы для дзяцей іі маладых інвалідаў.
З 2017 г. па 2022 г. кс.Юрый нёс служэнне пробашча каталіцкай парафіі ў Гомелі. З 2022 г. да 02.06.2025 з’яўляўся пробашчам парафіі Святога Арханёла Міхала ў г.Мозыр.
Знаёмства з каталіцтвам і касцёлам адбылося дзякуючы бабуле Рэгіне, якая за руку прыводзіла маленькага ўнука на Імшу. Пад час вучобы ў школе будучы святар актыўна наведваў нядзельныя Імшы, сустрэчы і мерапрыемствы ў сваёй парафіі. Да моманту заканчэння школы тады яшчэ самы звычайны юнак усё часцей чуў голас, які клікаў яго да нечага асаблівага. Параіўшыся з пробашчам роднай парафіі, было прынята рашэнне аб выбары далейшага жыццёвага шляху і аб паступленні ў семінарыю.
Пажаданне ад ксяндза Юрыя, скіраванае да кожнага чалавека: “Адкрыйце для сябе праўду пра любоў Божую і крочце да самай важнай для кожнага чалавека сустрэчы з бясконца любячым нас Богам!” 

Святары, якія неслі служэнне ў нашай парафіі:

1708-1723 гг. – кс. Анжэй Фашчэўскі, канонік Луцкі, дэкан Шарашоўскі;

1723-1738 гг. – кс. Мікалай Верашчака;

1738г. – кс. Станіслаў Пацкевіч;

1739-1771 гг. – кс. Аляксандр Сяніцкі, канонік Брэсцкі;

1771 – 1795гг. – кс. Якуб О’Бырн, канонік Інфлянцкі;

1795 – 1798гг. – кс. Анджэй Кошця, канонік Інфлянцкі;

1799г. – кс. Анджэй Махвіч, канонік Інфлянцкі;

1799 – 1836г. – кс. Мацей Пуцвінскі, канонік Смаленскі, пробашч і дэкан (з 1810 г.);

кс. Казімір Пуцвінскі, вікарый (у 1820-22гг.);
кс. Ян Альшэўскі, бернардын, вікарый (у 1820г.);
1846-50гг. – ксёндз-пробашч  Францішак Радванскі;
вікарый Тамаш Лянчэўскі (у 1850г.);
кс. Якуб Дзямідовіч, капялан уезднага вучылішча (у 1850г.)
1859 – 1860гг. – кс. Антоні Малеўскі;
1860 – 1863гг. – кс. Віталі Гансеўскі;
1863г. – кс. Аляксандр Грынявіцкі;
1865 – 1884гг. – кс. Антоні Гадзінскі, адміністратар і дэкан;
1889 – 1892гг. – кс. Зыгмунт Цэнзельскі (Цасельскі);
1902г. – кс. Юл’ян Тамаш Зыбовіч;
1904 – 1907гг. – кс. Антоні Сангайла, канонік ганаровы Віленскі;
1908 – 1910гг. – кс. Адольф Снежка-Блоцкі;
1911 – 1916гг. – кс. Віктар Адам Бялазор;
1919 – 1923гг. – кс. Антоні Бешта-Бароўскі, канонік ганаровы Пінскі, дэкан Пружанскі;
1926 – 1928гг. – кс. Фабіян Пачобут-Адляніцкі, вікарый; расстраляны фашыстамі ў 1944г.;
1929 – 1930гг. – кс. Браніслаў Келбаса, пазней канцлер Пінскай курыі;
1931 – 1934гг. – кс. Андрэй Ніва;
1934 -1937гг. – кс. Антоні Ройка, доктар права кананічнага, канонік ганаровы Пінскі;
кс. Адам Маліцкі, вікарый;
1937 – 1938гг. – кс. Станіслаў Лазар;
1939 – 1944гг. – кс. Казімір Свёнтак, спачатку як вікары, потым – пробашч,   арэштаваны ў 1944г., пазней – біскуп Пінскі і кардынал;
1944 – 1946гг. – кс. Антоні Ройка (паўторна);
1994 – 2006гг. – кс. Эдвард Лоек СМ;
2006 – 2013гг. – кс. Роберт Іскшыцскі СМ;
2013 – 2015гг. – кс. Ян Саламон СМ;
2015 – 2019гг. – кс. Вінцэнт Сяўрук;
2019 - 2025гг. – кс. Павел Ярашэвіч;
з 02.06.2025 г. - кс.Юрый Варанко

Наша парафія ганарыцца:

Касцёл у Пружанах у 1939 годзе стаў першым месцам служэння маладога святара Казіміра Свёнтка - будучага арцыбіскупа, першага і адзінага на сённяшні час ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынала.
Казімір Свёнтак нарадзіўся 21.10.1914 ў горадзе Валк у шляхецкай сям’i этнічна польскага паходжання. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я Свёнткаў была ў эвакуацыі, а пасля апынулася на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў Баранавічах, дзе Казімір Свёнтак скончыў гімназію імя Тадэвуша Рэйтана. У 1933 годзе будучы кардынал паступіў у Пінскую вышэйшую духоўную семінарыю і ўжо ў красавіку 1939 быў пасвечаны ў святары i распачаў душпастырскую дзейнасць на пасадзе вікарыя ў г. п. Пружаны.

У красавіку 1941 года Казімір Свёнтак быў арыштаваны савецкімі ўладамі па абвінавачванні ў шпіянажы i два месяцы ўтрымліваўся ў турме ў Брэсце. У канцы чэрвеня 1941 года ў выніку нямецкай акупацыі выйшаў з турмы і пешшу вярнуўся ў Пружаны. Пасля вайны застаўся з парафіянамі. У снежні 1944 года ён зноў быў арыштаваны савецкімі ўладамі i асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у лагерах Сібіры і Комі АССР. У 1954 вярнуўся ў Беларусь, з 01.12.1954 — пробашч у Пінску. З 13.04.1991 Арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі.

30.10.1994 Папа Ян Павел II надаў Казіміру Свёнтку сан кардынала. Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі (1999—2006). 14 чэрвеня 2006 Папа Бенедыкт XVI прыняў прашэнне 91-гадовага кардынала Казіміра Свёнтка пра вызваленне ад кіраўніцтва Архідыяцэзіяй. Пры гэтым Свёнтак застаўся Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

Памёр 21 ліпеня 2011 г.. Пахаваны ў крыпце кафедральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.
Made on
Tilda