У гэты дзень Касцёл заахвочвае, каб кожны з нас выкарыстаў магчымасць даверыць сябе і сваіх блізкіх апецы Маці Божай у першы дзень Новага года.
6 студзеня – Урачыстасць Аб’яўлення Пана, Тры Каралі
сталая дата
Аб’яўленне Пана — урачыстасць, якую Касцёл адзначае, успамінаючы ў гэты дзень пакланенне мудрацоў з усходу, што прынеслі Дзіцятку Езусу свае дары: золата, ладан і смірну. Касцёльная традыцыя называе гэтых мудрацоў таксама каралямі (адсюль іншая назва свята — Тры Каралі), а іх пакланенне сімвалізуе пачатак Божага Аб’яўлення язычніцкім народам, прадстаўнікамі якіх яны былі.
Чытаць далей
2 лютага - свята Ахвяравання Пана
сталая дата
2 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Ахвяравання Пана, якое традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцамі. У гэты дзень у літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету
5 сакавіка (2025 г.) - Папяльцовая серада — пачатак Вялікага посту
рухомая дата
У Рымска-каталіцкім Касцёле Папяльцовая серада (Папялец) — гэта першы дзень Вялікага посту. Вялікі пост з’яўляецца перыядам супольнага пакаяння. Пакаянне выражаецца ў шматлікіх формах, найперш — праз пост, малітву, міласціну. Згодна з касцёльнай запаведдзю, у перыяд Вялікага посту неабходна ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах. У Папяльцовую сераду для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і сціслы пост, які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары
19 сакавіка – Урачыстасць Святога Юзафа
сталая дата
Бог абраў зямным бацькам для свайго Сына, які стаў чалавекам, мужчыну па імені Юзаф. Менавіта Юзаф абіраецца для клопату і адказнасці за цялеснае і матэрыяльнае дабро Езуса, за Яго выхаванне і адукацыю. Юзаф паходзіў з дому Давіда. У пэўны час, хутчэй за ўсё, па спецыфіцы свайго рамяства, ён пакідае родны горад Бэтлеем і пасяляецца ў Назарэце, маленькім гарадку на поўдні Галілеі, Новы Запавет не канкрэтызуе занятак святога: прынята лічыць, што рамяство Юзафа было звязанае з цяслярствам.
Чытаць далей
25 сакавіка – Урачыстасць Звеставання Пана
сталая дата
Таямніцу Уцелаўлення Божага Сына Касцёл святкуе як асобную ўрачыстасць за дзевяць месяцаў да Божага Нараджэння. Гэта, канешне ж, умоўная дата, таксама як і дата Божага Нараджэння. Божы Пасланец Арханёл Габрыэль прыносіць Марыі нечаканую і радасную вестку і атрымлівае Яе згоду на незвычайную місію. Марыя павінна нарадзіць Сына, якому дасць імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў
13 красавіка (2025 г.) - Пальмовая нядзеля
рухомая дата
Пальмовая нядзеля распачынае ў Каталіцкім Касцёле Вялікі тыдзень. У гэты дзень у літургіі ўзгадваецца ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. У гэты дзень падчас святой Імшы чытаецца або спяваецца з падзелам на ролі апісанне Мукі Хрыста. Таму другая назва Пальмовай нядзелі — нядзеля Мукі Пана.
20 красавіка (2025 г.) – Урачыстасць Уваскрасення Пана
рухомая дата
Вялікдзень, або Пасха – найбольш распаўсюджаная ў нашым народзе назва асноўнага і найстаражытнейшага хрысціянскага свята Змёртвыхпаўстання (Уваскрасення) Пана, якое адзначалася ўжо першымі хрысціянамі. Свята з’яўляецца рухомым (яно не прыпадае на нейкую пэўную дату) і ў лацінскім Касцёле адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай веснавой поўні (пасля дня раўнадзенства). Калі ж на гэты самы дзень прыпадае і юдэйскае свята Пасхі, то святкаванне Вялікадня пераносіцца на наступную нядзелю.
Чытаць далей
29 мая (2025 г.) – Урачыстасць Унебаўшэся Пана
рухомая дата
Адзначаецца праз 40 дзён пасля Пасхі. Хрыстус пасля свайго Уваскрасення неаднаразова аб’яўляўся вучням, а на саракавы дзень на іх вачах узнёсся на неба з Аліўнай гары. Выраз «Унебаўшэсце Пана» паходзіць з апісання гэтага факту св. Лукой у Дзеях Апосталаў (пар. Дз 1, 9–11). Месцам унебаўшэсця Езуса была Аліўная гара. З гэтай гары, дзе распачалася мука Хрыста, узяла пачатак і Яго хвала. Езус наказаў Апосталам не адыходзіць з Ерузалема, але чакаць абяцанага Айцом — спаслання Духа Святога (пар. Дз 1, 4–5). Пасля вяртання з Ерузалема Апосталы «трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі» (пар. Дз 1, 14).
8 чэрвеня (2025 г.) – Урачыстасць Спаслання Духа Святога
рухомая дата
Адзначаецца праз 50 дзён пасля Пасхі. Мае другую назву – Дзень Пяцідзесятніцы. У Дзеях Святых Апосталаў (1,12-14) сказана, што пасля таго як Пан Езус узышоў у неба, апосталы «вярнуліся ў Ерузалем з гары, называнай Аліўнай», і «падняліся ў святліцу», дзе і знаходзіліся, чакаючы, калі выканаецца абяцанне Хрыста. У дзень Унебаўшэсця яны ўжо атрымалі ласку ад Пана супольна чакаць спаслання Святога Духа. Вось гэтае іхняе малітоўнае духоўнае адзінства і гэтае агульнае прабыванне сталі залогам таго, што адбылося ў Пяцідзесятніцу.
16 чэрвеня (2025 г.) – Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы
рухомая дата
Вера ў адзінага Бога ў Трох Асобах адрознівае хрысціянства ад іншых рэлігій свету. Гэта таямніца і адна з галоўных праўдаў нашай веры. Але мы ніколі не зможам пазнаць яе да канца, можна толькі наблізіцца да яе, апісваючы звычайна з дапамогаю метафар, бо наш розум абмежаваны і мы не змаглі б самі дайсці да адкрыцця гэтай праўды. Толькі дзякуючы таму, што Бог сам захацеў нам яе адкрыць, мы сёння можам гаварыць аб Богу як аб адзінай і непадзельнай Найсвяцейшай Тройцы. Адкрыў нам гэта Езус Хрыстус, і мы можам знайсці шмат месцаў у Святым Пісанні, дзе Ён выказваецца аб Богу Айцу і аб Святым Духу як аб Асобах і адначасова кажа аб надзвычайнай сувязі паміж Ім, Айцом і Духам Святым. Асаблівым чынам Святая Тройца аб’яўляецца ў моманце Хросту Езуса, дзе сам Бог Айцец сведчыць аб Ім, а Дух Святы з’яўляецца над Езусам у постаці голуба (пар. Лк 3, 22-23).
19 чэрвеня (2025 г.) – Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста
рухомая дата
Божае Цела – распаўсюджаная назва ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, таму што ў чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі (Вялікі чацвер). У цэлебрацыі ўрачыстасці Божага Цела Касцёл складае падзяку Збаўцы за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае са сваім народам.У гэты дзень або ў наступную пасля яго нядзелю адбываецца працэсія, у якой Найсвяцейшы Сакрамэнт з пашанаю нясуць па вуліцах гарадоў і вёсак.
24 чэрвеня – Урачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля
сталая дата
Звычайна дзень успаміну святога - гэта дзень яго смерці. Але каталіцкі касцёл ўзгадвае святога Яна Хрысціцеля ў дзень, калі ён нарадзіўся. На паўгады старэйшы за Езуса, святы Ян Хрысціцель - першы чалавек, які, будучы ва ўлонні сваёй маці Альжбэты, вызнаў Езуса за Бога, калі Той таксама яшчэ быў ва ўлонні сваёй Маці. Ян быў сваяком Хрыста. Яго нараджэнне прадказаў святы Арханёл Габрыэль, аб’явіўшыся бацьку Яна - Захарыі. Але той не паверыў, за што і быў часова пазбаўлены магчымасці размаўляць. Калі Ян падрос, ён пакінуў бацькоў і адправіўся ў пустыню, жыў там, апрануўшыся ў адзенне з вярблюджай шэрсці і жывячыся мёдам і саранчою.
Чытаць далей
27 чэрвеня (2025 г.) - Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса
рухомая дата
Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Каталіцкім Касцёле — свята, прысвечанае ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста. Адзначаецца ў пятніцу, на восьмы дзень пасля ўрачыстасці Божага Цела Хрыста і на дванаццаты дзень пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. Сэрца Хрыста з’яўляецца сімвалам любові Бога да людзей, такім чынам, гэтае свята адлюстроўвае падзяку Богу за Яго любоў і дараванае збаўленне.
29 чэрвеня – Урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла
сталая дата
Пётр, імя якога было Сымон, нарадзіўся ў галілейскім горадзе Бэтсаідзе, быў жанаты і жыў у Капэрнауме. Ён і яго брат Андрэй былі рыбакамі на Генісарэцкім возеры. Менавіта за лоўляй рыбы Сымона сустрэў Езус і паклікаў ісці за сабою, каб зрабіць яго «лаўцом людзей». Сымон атрымаў ад Езуса імя Пётр (габрэйск. Кіфа, што азначае скала) і заўсёды быў першым сярод апосталаў.
Чытаць далей
2 ліпеня – Урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай
сталая дата
У бэрнардынскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ўжо больш за чатыры стагоддзі знаходзіцца абраз Маці Божай, шырока вядомы ў XVII–XVIII стст. як цудатворны. Хроніка кляштара сведчыць, што ў 1598 г. абраз быў падараваны ў Рыме папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода вельмі цаніў абраз і ў паходах заўсёды вазіў яго з сабою. Пасля смерці Паца (1610 г.) абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю, які неўзабаве стаў даўгінаўскім вікарыем. У 1613 г. у Вялікі чацвер і Вялікую пятніцу Салакай быў у Будзе.
Чытаць далей
6 жніўня – свята Перамянення Пана
сталая дата
Хрыстус прывёў сваіх вучняў (Пятра, Якуба і Яна) на гару Табор, дзе перамяніўся перад апосталамі: твар Яго заззяў, а вопратка зрабілася асляпляльна белай. Два прарокі Старога Запавету, Майсей і Ілля, з’явіліся перад Езусам на гары і размаўлялі з Ім. А голас Бога Айца са светлага воблака сведчыў пра Боскасць Хрыста.
15 жніўня – Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Адпустовая ўрачыстаць у нашай парафіі
сталая дата
Дагмат Унебаўзяцця, абвешчаны ў 1950 г., быў часткаю праграмы Папы Пія ХІІ, які ўсім сэрцам клапаціўся пра распаўсюджванне марыйнай пабожнасці. Пій ХІІ лічыў, што распаўсюджванне марыйнай пабожнасці з’яўляецца гарантыяй пашырэння дабра ў свеце і адкрытасці людзей на дары і ласкі, якія Бог прагне ўдзяліць, каб дапамагчы свету падняцца «з жудасных бедстваў» – і мінулых і тых, якія адбываюцца ў сучаснай гісторыі. Папа верыў, што абвяшчэнне новага марыйнага догмату стане вялікім імпульсам да развіцця культу Маці Божай, і гэта накіруе свет на добры шлях.
14 верасня – свята Узвышэння Святога Крыжа
сталая дата
Лічыцца, што 14 верасня 335 г. была асвячона святыня над пячорай Гробу Пана, у якім устанавілі знойдзены Крыж Збаўцы. Каб шматлікія хрысціяне, прысутныя на ўрачыстасці, маглі ўбачыць вялікую святыню, біскуп узнімаў («узвышаў») Крыж над галовамі прысутных. У Рыме свята было ўведзена папам Грыгорыем І.
1 лістапада – Урачыстасць Усіх Святых
сталая дата
1 лістапада мы ўзгадваем і ўшаноўваем усіх святых: як вядомых, так і невядомых. Касцёл як містычнае Цела Езуса Хрыста, нібы з жывых камянёў, складаецца з людзей: і тых, якія цяпер жывуць, і тых, якія ўжо адышлі ў вечнасць, таму што «Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых» (пар. Мк 12, 27). Катэхізіс Каталіцкага Касцёла гаворыць:
Чытаць далей
2 лістапада – Успамін усіх памерлых
сталая дата
2 лістапада — дзень, прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, на працягу актавы ўспаміну ўсіх памерлых, якая працягваецца з 1 па 8 лістапада, вернікі наведваюць могілкі і моляцца за памерлых. У гэты час ёсць магчымасць атрымаць адпуст — поўнае адпушчэнне кары за грахі. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (г. зн. прыступіць да сакрамэнту споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца і наведаць могілкі. Таксама вернікі падаюць спісы з прозвішчамі і імёнамі памерлых блізкіх і сяброў, якія зачытваюцца перад набажэнствамі ў кожнай парафіі.
24 лістапада (2024 г.) – Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету
рухомая дата
Спачатку гэтую ўрачыстасць адзначалі ў апошнюю нядзелю кастрычніка, нягледзячы на рухомыя святы. Пасля сабору літургічная рэформа перанесла дзень гэтай урачыстасці на заканчэнне літургічнага года — апошнюю нядзелю, якая папярэднічае першай нядзелі Адвэнту. Урачыстасць Хрыста Валадара дазваляе хрысціянам ушанаваць Збаўцу і Месію, прызначанага праз вякі быць правадыром і кіраўніком Выбранага народа — новага Ізраэля, Касцёла Хрыстовага.
8 снежня – Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
сталая дата
У гэты дзень, калі праслаўляем таямніцу Беззаганнага Зачацця Багародзіцы, якая Божаю ласкаю была захавана ад першароднага граху, кожны католік мае абавязак прыняць удзел у святой Імшы. Дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны папам Піем IX у Апостальскім лісце (буле) Ineffabilis Deus («Невымоўны Бог») ад 8 снежня 1854 г.
25 снежня – Урачыстасць Нараджэння Пана
сталая дата
24 снежня на змярканні ў кожным каталіцкім доме рыхтуецца накрыты стол, за якім збіраецца ўся сям'я, каб за вігілійнаю вячэраю ўсім разам перажываць вялікую радасць, якую больш за дзве тысячы гадоў таму гэтая ноч прынесла ўсім людзям добрай волі, і каб вітаць прыходзячага ў свет Хрыста.