Гаворачы пра хрост, трэба раздзяліць дзве магчымыя сітуацыі — хрост дарослага чалавека і хрост дзіцяці. Пры ўдзяленні хросту дзіцем лічыцца чалавек да заканчэння сёмага году жыцця. Дзіця, старэйшае за сем гадоў, павінна быць ахрышчана як дарослы чалавек па адпаведных канонах.
У кожным выпадку перад удзяленнем сакрамэнту хросту павінна адбыцца адпаведная падрыхтоўка і самога дарослага чалавека, і бацькоў, і хросных дзіцяці.
Хрост дарослых. Ад самага пачатку існавання Касцёла практыкуецца даволі вялікі час катэхуменату — асаблівай падрыхтоўкі да прыняцця сакрамэнтаў хрысціянскага ўтаямнічання — хросту, канфірмацыі і Эўхарыстыі. Гэта вельмі важны час у жыцці чалавека, які павінен адпаведным чынам падрыхтавацца да таго вялікага дару, які ён прыме. Падчас гэтага асаблівага перыяду катэхумен мае магчымасць дасягнуць сталасці ў сваёй веры. Таксама для таго, каб дарослы мог быць ахрышчаны, неабходна, каб ён выказаў жаданне прыняць хрост. Нельга нікога ахрысціць насілу, нават у небяспецы смерці.
Хрост дзіцяці. Менавіта бацькі (а не бабулі, цёці і г. д.) павінны паклапаціцца аб тым, каб іх дзеці былі ахрышчаныя ў першыя тыдні жыцця, як мага хутчэй пасля нараджэння. І ўжо перад нараджэннем бацькі павінны звярнуцца да пробашча сваёй парафіі, каб папрасіць аб сакрамэнце хросту для дзіцяці і належным чынам падрыхтавацца да яго. Калі дзіця знаходзіцца ў небяспецы смерці, яго трэба ахрысціць неадкладна.
Практычныя пытанні
Удзяленне сакрамэнту хросту — гэта вялікі дар для кожнага і вялікая радасць для ўсяго Хрыстовага Касцёла. Хрыстус хоча, каб усе людзі былі збаўленыя, бо Ён аддаў сваё жыццё за ўсіх. Сакрамэнт хросту — гэта першы крок на дарозе збаўлення, і ад нас саміх залежыць, ці хочам мы падрыхтаваць сваё сэрца да прыняцця такога вялікага Божага дару.
· Бацькі павінны паклапаціцца аб тым, каб хрышчэнне дзіцяці мела месца ў першыя тыдні ягонага жыцця або, калі дзіцяці пагражае небяспека смерці адразу.
· Хрост дзіцяці павінен адбыцца ў парафіі, да якой належаць бацькі дзіцяці (месца жыхарства). Хрост ў іншай парафіі можа адбыцца з пісьмовай згоды пробашча ўласнай парафіі.
· З просьбай аб хросце звяртаюцца маці, бацька ці праўны апекун дзіцяці.
Бацькі, якія хочуць хрысціць дзіця, павінны:
o Падыйсці да сакрыстыі парафіі за два тыдні да хросту і прынесці наступныя дакументы:
- сведчанне нараджэння дзіцяці
- дадзеныя бацькоў і хросных (імя, прозвішча, дата нараджэння, веравызнанне, месца жыхарства, даведку аб тым, што чалавек можа быць хростным (бярэцца ў сваёй парафіі па месцу жыхарства))
- сведчанне аб касёльным шлюбе
Бацькі і хросныя абавязаны:
o Прайсці катэхезу.
o Прыступіць да сакрамэнту споведзі перад хростам іх дзіцяці.
o Хросныя бацькі павінны быць практыкуючымі вернікамі.