САКРАМЭНТЫ
ЭЎХАРЫСТЫЯ
Найсвяцейшая Эўхарыстыя з’яўляецца апошнім з сакрамэнтаў хрысціянскай ініцыяцыі.
Чалавек, стаўшы праз сакрамэнт хросту Божым дзіцем, умацаваны Сакрамэнтам канфірмацыі, удзельнічае ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі — найвялікшым Божым дары для ўсяго чалавецтва, бо менавіта ў гэтым сакрамэнце рэальна прысутнічае сам наш Збаўца — Езус Хрыстус.

Дагматычная Канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium Другога Ватыканскага Сабору гаворыць, што Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцаю і вяршыняю касцёльнага жыцця. Каб добра зразумець гэтыя словы, трэба ўсвядоміць, што ўсе іншыя сакрамэнты, усе іншыя віды касцёльнай паслугі, апостальская праца Касцёла — усё гэта звязана з Эўхарыстыяй і імкнецца да яе.

Значэнні слова "Эўхарыстыя"

Вядома, што для здзяйснення Эўхарыстыі патрэбныя хлеб і віно — гэтыя найпрасцейшыя рэчы, якія выбраў Езус, каб назаўсёды застацца разам з намі. Менавіта хлеб і віно падчас святой Імшы становяцца Целам і Крывёю Езуса Хрыста. І гэта з’яўляецца найвялікшаю таямніцаю нашай веры.

На працягу стагоддзяў мянялася форма цэлебрацыі Эўхарыстыі, але агульны парадак і сут­насць гэтага сакрамэнту заўсёды заставаліся. Існуюць дзве найважнейшыя часткі — гэта Літургія Слова з чытаннямі, казаннем і супольнай малітвай і Эўхарыстычная Літургія, падчас якой прыносяцца і асвячаюцца хлеб і віно, а таксама ўдзяляецца святая Камунія. Літургія Слова і Эўхарыстычная літургія складаюць адно цэлае, і іх немагчыма раздзяліць.

Натуральна, што чалавек, які часта ўдзельнічае ў святой Імшы, ведае на памяць некаторыя часткі эўхарыстычнай малітвы, асабліва словы кансэкрацыі ці нейкіх іншых малітваў (і гэта вельмі добра), але даволі часта здараюцца сітуацыі, калі некаторыя вернікі разам са святаром ціха паўтараюць словы гэтай малітвы. Акрамя таго, што гэта можа перашкаджаць іншым вернікам і святару, варта таксама памятаць, што цэлебрацыя Найсвяцейшай Эўхарыстыі не з’яўляецца прыватным актам пабожнасці — гэта літургія ўсяго Касцёла, і кожны вернік павінен удзельнічаць у гэтай цэлебрацыі, і існуе такое правіла, што падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі дыяканам і свецкім не дазваляецца гаварыць малітвы, асабліва эўхарыстычную малітву, або здзяйсняць акты, што здзяйсняе святар, які цэлебруе Эўхарыстыю.

Прыняцце Камуніі

Эўхарыстычны пост. На працягу нейкага часу перад прыняццем святой Камуніі нельга спажываць ежу. Існуюць розныя пабожныя практыкі ў гэтым пытанні, але агульнае правіла такое — той, хто мае намер прыняць святую Камунію, павінен хаця б на працягу гадзіны перад ёю ўстрымлівацца ад усялякай ежы і піцця, за выключэннем толькі вады і лекаў. Гаворка ідзе не пра гадзіну перад пачаткам святой Імшы, але пра гадзіну перад прыняццем Камуніі. Але з гэтага правіла ёсць выключэнне — састарэлыя і хворыя людзі, а таксама тыя, хто апякуецца імі, могуць прыняць Найсвяцейшую Эўхарыстыю нават тады, калі яны прымалі ежу на працягу найблі­жэйшай гадзіны, бо часта хворы чалавек мае спецыяльны парадак спажывання ежы, і можа здарыцца так, што паміж спажываннем ежы і прыняццем святой Камуніі не будзе гадзіннага перапынку, але ў такой сітуацыі можна смела прымаць Цела Хрыста.
Расклад Святых Імшаў у нашым касцёле можна знайсці на галоўнай старонцы сайта, а таксама ў раздзеле “Літургія”.

Сакрамэнт Еўхарыстыі
Made on
Tilda