Найбольш распаўсюджаная назва гэтага сакрамэнту — споведзь, паколькі абвінавачванне сябе ў грахах і споведзь перад святаром — гэта істотны элемент паяднання, прызнанне і праслаўленне святасці Бога, а таксама Ягонай міласэрнасці да грэшнага чалавека. Гэта таксама сакрамэнт прабачэння, бо праз сакрамэнтальнае адпушчэнне грахоў, выказанае словамі святара, Бог дае таму, хто каецца, дар «прабачэння і супакою».
Галоўная мэта Сакрамэнту пакаяння — паяднанне чалавека з Богам і тым самым прабачэнне грахоў, паяднанне з Касцёлам, вяртанне стану ласкі, калі ён быў страчаны, дараванне вечнай кары, заслужанай з прычыны смяротных грахоў і, часткова, караў часовых, якія з’яўляюцца наступствамі граху; спакой сумлення, а таксама духоўнае суцяшэнне, павелічэнне духоўных сілаў для хрысціянскага змагання.
Сакрамэнт паяднання называецца таксама сакрамэнтам навяртання, бо ў ім сакрамэнтальным чынам ажыццяўляецца заклік Хрыста да навяртання. Варта заўсёды памятаць, што заклік да навяртання не скіраваны да нейкіх знешніх дзеянняў, недастаткова толькі адстаяць чаргу да канфесіянала, каб выканаць абавязак споведзі раз у год. Езус не перастае паўтараць, што галоўнае — гэта навяртанне сэрца. Без такога навяртання ўсе знешнія праяўленні пакаяння становяцца несапраўднымі.
Споведзь можа быць вялікай праблемай не толькі для тых, хто рэдка прыступае да гэтага сакрамэнту, але таксама і для тых, хто спавядаецца рэгулярна, — існуе вялікая небяспека, што сакрамэнт пакаяння станецца для нас чымсьці штодзённым і традыцыйным.
Грэх
Умовы для сапраўднай споведзі
Прыняць Сакрамэнт пакаяння (паспавядацца) ў нашым касцёле можна перад кожнай Святой Імшой.