САКРАМЭНТЫ
НАМАШЧЭННЕ ХВОРЫХ
Сакрамэнт намашчэння хворых — гэта не сакрамэнт памірання, а сакрамэнт аздараўлення
Раней, перад Другім Ватыканскім Саборам, гэты сакрамэнт называўся астатнім намашчэннем, таму што паводле літургічнай традыцыі ён удзяляўся асобам паміраючым. І падкрэсліваўся менавіта гэты аспект, але Касцёл таксама моліцца і аб выздараўленні чалавека. Сакрамэнт намашчэння хворых — гэта не сакрамэнт памірання, а сакрамэнт аздараўлення, і пра гэта варта памятаць. Гэта азначае, што сакрамэнт нама­шчэння хворых можна і патрэбна ўдзяляць не тады, калі чалавек ужо памірае, а намнога раней. На жаль, даволі часта родным хворага чалавека вельмі цяжка прыняць тое, што дарагі для іх сэрца чалавек знаходзіцца ў небяспецы смерці. Яны жывуць надзеяй на яго фізічнае аздараўленне і вельмі часта не хочуць запрашаць святара, каб удзяліў намашчэнне хворых. Аднак кожны з нас мае абавязак дбаць пра тое, каб нашым блізкім быў своечасова ўдзелены сакрамэнт намашчэння хворых.

Намашчэнне ўдзяляецца праз памазанне хворых алеем і прамаўленне словаў, прадпісаных у літургічных кнігах. Сёння гэтыя словы гучаць наступным чынам: «Праз гэтае святое намашчэнне і сваю бясконцую міласэрнасць няхай Пан умацуе цябе ласкаю Духа Святога. Няхай Пан вызваліць цябе ад грахоў, уратуе і міласціва падтрымае. Амэн».

Асаблівую ролю ў дапамозе хворым маюць іх родныя або тыя, хто імі апякуецца. Менавіта гэтыя людзі ў першую чаргу павінны падтрымліваць сваіх блізкіх словамі веры і супольнай малітвай, а таксама далікатна рыхтаваць хворага чалавека да прыняцця сакрамэнту нама­шчэння хворых.

Для ўдзялення Сакрамэнту намашчэння хворых сям'я або апекун павінна паклапаціцца пра наступнае:
o неадкладна паклікаць святара (не чакаць да самага канца, таму што гэты сакрамэнт не з'яўляецца сакрамэнтам «апошняга намашчэння», але «сакрамэнт вылячэння» )
o падаць дакладны адрас
o калі ён знаходзіцца далёка, арганізаваць сродак транспорту або суправаджэнне для святара
o канкрэтна вызначыць стан пацыента (напрыклад: ці хворы ў стане свядомасці, ці размаўляе, ці можа праглынуць, - гэта звязана з ягонай споведзю і прыняццем Святой Камуніі.)

Сакрамэнт намашчэння хворых
Made on
Tilda