Памер дакумента 21х14 см і размешчаны ён на аксамітавым паспарту з драўлянай асноваю.
Рэлікварый апраўлены драўлянай рамкаю аўтарскай працы, якая была адноўлена ў 2022 г. Памер рамкі 78х62 см і яна вызалачана італьянскаю паталлю Nazionale (S), колер 2.5.
Фрагмент тканіны з гэтай рэліквіі з’яўляецца кавалачкам ад далматыкі (багата расшытага пакрывала), у якую ахінута фігура Ларэтанскай Божай Маці. Гэта пакрывала перыядычна абнаўляюць, а захавальнік Святога Дома дазваляе браць кавалачкі ад пакрывала на рэліквіі.
Фігура Божай Маці выраблена з кедравага дрэва. Яна трымае на руках Дзіцятка Езуса, які, у сваю чаргу, трымае скіпетр і дзяржаву (сімвалы каралеўскай улады). У Святым Доме пастаянна гарэлі лампады, таму твары Панны Марыі і Дзіцяткі Езуса пацямнелі і сталі амаль чорнымі. На галаве Божай Маці жамчужны вянок, валасы распушчаны. Фігура распісана і інкруставана брыльянтамі і каштоўнымі камянямі.