На абразе выява смуткуючай Найсвяцейшай Панны Марыі.

Свята Маці Божай Балеснай – 15 верасня

Тытул Маці Божай Балеснай, дадзены Найсвяцейшай Маці, засяроджвае ўвагу на Яе моцных пакутах і смутку падчас мукі і смерці нашага Пана. Традыцыйна гэтыя пакуты не абмяжоўваліся мукай і смерцю; хутчэй, яны ўключалі ў сябе сем смуткаў Марыі, якія былі прадказаны святаром Сімяонам, які абвясціў Марыі: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў». (Лк 2, 34-35)

Гэтыя сем смуткаў нашай Найсвяцейшай Маці ўключалі ўцёкі Святой Сям'і ў Егіпет; страта і знаходжанне Дзіцятка Езуса ў храме; Сустрэча Марыі з Езусам па дарозе на Галгофу; Марыя стаіць ля падножжа крыжа, калі наш Пан быў укрыжаваны; Яна трымае Езуса, калі Яго здымалі з крыжа; а затым пахаванне нашага Пана. Увогуле, у гэтых падзеях споўнілася прароцтва Сімяона аб тым, што меч пранізвае сэрца нашай Найсвяцейшай Маці. Кожная новая пакута прымалася з мужнасцю, любоўю і даверам, якія паўтаралі Яе Fiat: “Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1,38) упершыню прамоўленага падчас Звеставання.

Свята Маці Божай Балеснай набыло папулярнасць у XII стагоддзі, хоць і пад рознымі назвамі. Цікава, што ў 1482 г. свята было афіцыйна ўнесена ў Рымскі Імшал пад тытулам Маці Божай Міласэрнай, падкрэсліваючы вялікую любоў, якую наша Найсвяцейшая Маці праявіла ў пакутах разам са сваім Сынам. Смутак нашай Найсвяцейшай Маці перавышаў смутак усіх іншых, бо Яна была Маці Езуса, які быў не толькі Яе Сынам, але таксама Панам і Збаўцам; Яна сапраўды пакутавала са сваім Сынам. У 1727 годзе Папа Бэнэдыкт XIII змясціў свята Маці Божай Міласэрнай у рымскім календары на пятніцу перад Вербнай нядзеляй. Гэтае свята было адменена з пераглядам календара, апублікаванага ў Рымскім Імшале 1969 г.

У 1668 г. свята ў гонар сямі далораў было ўстаноўлена ў нядзелю пасля 14 верасня, свята Святога Крыжа. Свята было ўключана ў рымскі каляндар у 1814 г., і Папа Пій X устанавіў пастаянную дату 15 верасня для свята Сямі смуткаў Найсвяцейшай Панны Марыі (цяпер называецца проста свята Маці Божай Балеснай). Ключавы вобраз тут — гэта наша Найсвяцейшая Маці, якая верна стаіць ля падножжа крыжа са сваім паміраючым Сынам. У сваю чаргу, Ён сказаў вучню: «Вось Маці твая». (Ян 19,27). Другі Ватыканскі Сабор у сваёй Дагматычнай Канстытуцыі аб Касцёле пісаў: «Яна стаяла ў адпаведнасці з Божым планам, цяжка пакутуючы са сваім Адзінародным Сынам. Там Яна мацярынскім Сэрцам далучылася да Яго ахвяры і з любоўю пагадзілася на ахвяраванне гэтай Ахвяры, якую сама прынесла» (№ 58).

Засяроджваючы ўвагу на спагадзе нашай Найсвяцейшай Маці, Святы Папа Ян Павел ІІ, нагадаў, у свой час, вернікам, што Найсвяцейшая Марыя працягвае заставацца любячай суцяшальніцай для тых, хто закрануты шматлікімі фізічнымі і маральнымі пакутамі. Яна ведае наш смутак і наш боль, таму што і Яна пакутавала ад Бэтлеема да Галгофы. Марыя — наша духоўная Маці, і маці заўсёды разумее сваіх дзяцей і суцяшае іх у бядзе. Акрамя таго, Яна мае асаблівую місію любіць нас, атрыманую ад Езуса на крыжы, любіць нас толькі і заўсёды, каб збавіць нас! Марыя суцяшае нас перш за ўсё тым, што паказвае нам Укрыжаванага і Рай! (1980).

Таму, калі мы ўшаноўваем нашу Найсвяцейшую Маці, нашу Пані Балесную, мы ўшаноўваем Яе як верную вучаніцу і ўзор веры.
Made on
Tilda