На абразе мы бачым Езуса Хрыста з цернем на галаве і чырвоным плашчом на плячах. У правай руцэ Ён трымае трысціну.
Гэты абраз з’яўляецца выявай евангельскай сцэны з Прэторыі - месцы, дзе жыў Понцій Пілат. Пасля вяртання з палаца Ірада Езусу вярнулі Яго звычайнае адзенне. Аднак Пілат вымавіў:
«Вы прывялі да мяне гэтага чалавека, як таго, хто бунтуе народ. Вось я перад вамі дапытаў Яго і не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны, у якой вы Яго вінаваціце. Таксама Ірад, бо адаслаў Яго да нас. Ён не ўчыніў нічога вартага смерці. Таму я, пасля бічавання, адпушчу Яго.» (Лк 23, 14-16)
Пасля гэтых слоў Пілат аддаў Езуса на расправу сваім салдатам-прэтарыянцам. Тыя пацягнулі Яго ў двор, сарвалі з Яго вопратку і сталі жорстка збіваць бічамі - цяжкімі бізунамі, світымі са скуры. І ўжо збітага, знявечанага бічаваннем Езуса апранулі ў чырвоны плашч рымскага воіна.
Чаму чырвоны плашч? Рымскі імператар апранаўся ў спецыяльныя адзенні. Гэта была мантыя вельмі прыгожага цёмна-чырвонага колеру. Яе рабілі з найтанчэйшай шэрсці ці з шоўку. А надавала ёй гэты колер спецыяльная фарба – пурпур. Каштавала яна даражэй за золата, таму што майстры строга захоўвалі ў тайне яе выраб. Нядзіўна, што насіць адзенне з пурпуровай тканінымаглі сабе дазволіць толькі самыя магутныя і багатыя людзі старажытнасці.
Вось такое “каралеўскае адзенне” і зрабілі воіны са звычайнага чырвонага салдацкага плашча, каб апрануць у яго збітага да паўсмерці Езуса. Гэта былі чарговы здзек і насмешка: калі Цябе клічуць каралём Юдэйскім – то прымі і каралеўскае адзенне. У дадатак да гэтага воіны зрабілі для Езуса яшчэ і “імператарскі вянок” з вельмі калючай расліны – церня. У рукі далі трысціну – замест каралеўскага жазла. А пасля, “Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль юдэйскі!» І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве.” (Мц 27, 29-30).