На абразе выява Езуса Хрыста ў чырвонай туніке і з цернем на галаве. Вочы Сына Божага ўзняты ў Неба да Айца.

Абраз «Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую» паказвае нам змучанага Езуса, Якому на галаву падчас бічаванняў воіны надзелі цярновы вянок і апранулі ў чыровны плашч.
Чаму чырвоны плашч? Рымскі імператар апранаўся ў спецыяльныя адзенні. Гэта была мантыя вельмі прыгожага цёмна-чырвонага колеру. Яе рабілі з найтанчэйшай шэрсці ці з шоўку. А надавала ёй гэты колер спецыяльная фарба – пурпур. Каштавала яна даражэй за золата, таму што майстры строга захоўвалі ў тайне яе выраб. Нядзіўна, што насіць адзенне з пурпуровай тканінымаглі сабе дазволіць толькі самыя магутныя і багатыя людзі старажытнасці.
Вось такое “каралеўскае адзенне” і зрабілі воіны са звычайнага чырвонага салдацкага плашча, каб апрануць у яго збітага да паўсмерці Езуса. Гэта былі чарговы здзек і насмешка: калі Цябе клічуць каралём Юдэйскім – то прымі і каралеўскае адзенне. У дадатак да гэтага воіны зрабілі для Езуса яшчэ і “імператарскі вянок” з вельмі калючай расліны – церня. У рукі далі трысціну – замест каралеўскага жазла. А пасля, “Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль юдэйскі!» І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве.” (Мц 27, 29-30).

Мы ўзгадваем пакуты Езуса падчас малітвы і разважаннямі над  Балеснымі таямніцамі Святога Ружанца
Made on
Tilda