На абразе выява Панны Марыі, якая трымае на руках у абдымках Дзіцятка Езуса, а збоку побач з глыбокай пашанай глядзіць на Іх маленькі святы Ян Хрысціцель, у руках якога крыж.
Цікава, што і Марыя, і Езус глядзяць не адзін на аднаго, а на нас.
На працягу стагоддзяў было зроблена шмат копій з карціны Рафаэля, якая лічыцца адной з лепшых яго прац.
Карціна Рафаэля з першай паловы XVI стагоддзя знаходзілася ў калекцыі сям'і Медычы і, верагодней за ўсё, была створана для прыватнага ўладання. Складанасць кампазіцыі, наяўнасць "камеральнага крэсла" (sedia camerale), якое было прывілеем пантыфіка або вельмі высокіх саноўнікаў, прывялі да здагадкі, што праца была заказана папам Львом X (Джавані Медычы) і адпраўлена ім сваім сваякам у Фларэнцыю.
Па легендзе натхненне для гэтай працы прыйшло да Рафаэля падчас праезду праз Велетры (Лацыё), дзе ён убачыў мясцовую сялянскую дзяўчыну, якая закалыхвала дзіця на каленях. У іншым варыянце: дзяўчына трымала за руку свайго немаўля ў садзе, а другі яе маленькі сын гуляў у яе на каленях. Рафаэль адразу ж сказаў, што хацеў бы намаляваць яе менавіта так, з двума сынамі, пазней прадстаўленымі як Найсвяцейшая Панна, Дзіцятка Езус і святы Ян. Карціна сапраўды прасякнута цеплынёй і пяшчотай, яе можна было б назваць рэалістычнай, калі б не складанасць кампазіцыі, якая стварае напружанае і нават нязручнае становішча Мадоны. Панна Марыя прадстаўлена ў позе, якую нялёгка прайграць у рэальнасці, аднак гэта выкупаецца пластычнасцю асноўных формаўтваральных ліній, якія ствараюць кантабільнасць («певучасць») контураў, якія залучаюць усе элементы карціны ў кругавы рух.
Адзенне Мадоны ўзыходзіць да народнага італьянскага касцюма.