На абразе выява святога Юзафа, якому на галаву ўскладае вянок Дзіцятка Езус. Святы Юзаф трымае ў левай руцэ лілею, якая з’яўляецца сімвалам чысціні і нявіннасці. А за правую руку яго прытрымлівае Дзіцятка. Навокал лятаюць і спяваюць анёлы, а зверху можна ўбачыць голуба, які звычайна сімвалізуе Духа Святога.
Нам нічога невядома пра лёс Юзаф пасля таго, як ён разам з Марыяй спачатку сгубілі 12-гадовага Езуса, а пасля знайшлі Яго ў Храме. Мы не ведаем, як ён памёр, і што было далей з яго целам. Але невядомы мастак намаляваў выяву, якая аб’ядноўвае дзве падзеі: Унебаўзяцце святога Юзафа і ягонае ўкаранаванне. Падобна, як сталася і з Паннай Марыяй. Невядомы мастак палічыў святога Юзафа годным, каб Пан Бог адарыў яго такой ласкай.
Святы Юзаф - паводле Новага Запавету, заручаны муж Найсвяцейшай Панны Марыі. Юзаф, паводле евангельскага апавядання, па прамой лініі паходзіў з роду Давіда-цара, але знаходзіўся ў беднасці і, пражываючы ў глухім мястэчку Назарэце, займаўся цяслярствам.
Калі Яна зачала Сына, Юзафу ў сне была аб’яўлена таямніца гэтага Зачацця і даручана місія апекавацца Найсвяцейшай Паннай і Дзіцяткам. Мы бачым Юзафа пры Нараджэнні Збаўцы ў Бэтлеемскай пячоры, падчас Ахвяравання ў святыні, падчас уцёкаў у Егіпет, а таксама ў пілігрымцы ў Ерузалем разам з дванаццацігадовым Езусам і Яго Маці. Гэта апошняя згадка пра святога на старонках Евангелля, з чаго можна зрабіць выснову, што неўзабаве пасля гэтага ён памёр, хоць, магчыма, проста працягваў сціпла жыць дзесь у баку, што было ўласціва яго характару. У наш час вывучэнню асобы і значэння гэтага найсціплейшага са святых у справе адкуплення прысвячаюцца рэгулярныя міжнародныя сімпозіумы. Святы Юзаф быў абвешчаны апекуном Сусветнага Касцёла, а таксама з’яўляецца апекуном паміраючых, нарачоных і працаўнікоў.
Успамін - 19 сакавіка.