На абразе выява сцэны заручынаў Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Юзафа.
На пярэднім плане намалявана група ўдзельнікаў вясельнай цырымоніі: у цэнтры - святар, які трымае за рукі Марыю і Юзафа, які працягвае Ёй заручальны пярсцёнак. У левай руцэ Юзафа - расквітнеўшы кій, што, паводле падання, і з'явілася знакам яго выбранасці, пасланым звыш. Зверху намаляваны голуб, як сімвал Святога Духа, які асвяціў гэты шлюб сваёй прысутнасцю.

Правобразам для напісання гэтага абраза маглі паслужыць карціны вядомых мастакоў Рафаэля і Перуджына.

“А пасля бабілёнскага перасялення Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зарабабэля; Зарабабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліяхіма; Эліяхім нарадзіў Азора; Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда; Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Матана; Матан нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.» (Мц 1, 12-16)

«Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных».
А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”».
Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю, і не спазнаваў Яе, пакуль Яна не нарадзіла Сына, якому ён даў імя Езус.» (Мц 1,18-25)
Made on
Tilda