Успамін – 29 верасня
Святога Арханёла Міхала называюць «князем войска нябеснага». Паводле габрэйскай традыцыі, Мікаэль — адзін з чатырох галоўных анёлаў разам з Габрыэлем, Урыэлем і Рафаэлем, якія стаяць перад пасадам Найвышэйшага і ахоўваюць чатыры бакі свету. Падчас бунту анёлаў на чале з Люцыферам Мікаэль застаўся верным Богу і ўзначаліў анёлаў, якія нанеслі паражэнне бунтаўнікам і аднавілі Боскі парадак на небе. «Мі ка эль» літаральна азначае «Хто як Бог?» у значэнні «ніхто не роўны Богу» — рытарычнае пытанне, якое Міхал паставіў рубам перад анёламі, якія вагаліся, каго падтрымаць.

У яўным выглядзе ў Старым Запавеце імя Міхала згадваецца толькі ў кнізе прарока Даніэля, але хрысціянская традыцыя мае яго на ўвазе і ў вобразе анёла, які ўстае на шляху Балаама, калі той збіраецца праклясці Ізраэль (гл. Ліч 22, 22), і ён жа з’яўляецца Езусу Навіну як Правадыр войскаў Панскіх (гл. Нав 5, 12–15).
Роля Міхала ў бітве Дабра і Зла атрымала далейшае развіццё ў сярэднявечнай хрысціянскай эсхаталогіі. Рэлігійная традыцыя стала прыпісваць Міхаілу не толькі перамогу над сатаной, але і ролю суддзі на Страшным судзе, на які ён закліча душы трубным голасам. Таму яго сталі выяўляць не толькі з мячом, але і з шалямі, на якіх ён узважвае добрыя і благія ўчынкі кожнага чалавека. Сярод эпітэтаў Арханёла — Князь анёлаў, Анёл справядлівасці, Стражнік Раю, Абаронца Касцёла Хрыстовага, Князь душаў, Давераны Божы.
Свята ў гонар святога Міхала Арханёла ў каталіцкім календары было ўсталявана ў сярэдзіне V стагоддзя Папам Львом Вялікім у гадавіну асвячэння першай заходняй базылікі, прысвечанай яму ў прадмесці Рыма, і першапачаткова адзначалася 30 верасня. Папа Гелазій I у 493 годзе перанёс свята на 29 верасня. Да XVІІI стагоддзя яно было адной з найвялікшых гадавых урачыстасцяў. Яе англійская назва Michaelmas мае тую ж структуру, што і Christmas — Божае Нараджэнне, што сведчыць пра яе колішнюю важнасць. «Паніжэнне» рангу святкавання ў гонар святога Міхала можна аднесці на рахунак большага скептыцызма і рацыяналізма, аслаблення народнага хрысціянскага пачуцця, у тым ліку культу анёлаў, у эпоху Асветніцтва, у якую быў легалізаваны атэізм.
Найбольш славуты санктуарый святога Міхала Арханёла знаходзіцца ў італьянскай правінцыі Апулія, на высокай гары на Гарганскім паўвостраве, які часам называюць «шпорай» італьянскага «бота». Санктуарый лічыцца так званай «Нябеснай базылікай», заснаванай самім Арханёлам. З 490 года на гэтай гары шмат разоў на працягу двух стагоддзяў ён аб’яўляўся розным людзям, і гэта заўжды суправаджалася цудоўнымі аздараўленнямі і вернымі прароцтвамі.
Пабудаваная ў гэтым месцы святыня Monte Sant’Angelo («гара святога Анёла») стала з цягам часу месцам масавага пакланення святому Міхалу, вядомым па ўсім каталіцкім свеце.
Цікава, што ўсе 7 найбольш славутых месцаў яго культу, нанесеныя на сучасную карту, знаходзяцца на адной прамой лініі, якую называюць «Меч святога Міхала».

Яна пачынаецца ў Ірландыі, праходзіць праз Корнуал, Францыю (славутую Мон-сэн-Мішэль), італьянскія П’емонт і Апулію, грэчаскі востраў Сімі і сканчваецца ў Сірыі. Лічыцца, што гэта след ад удару мяча, якім Арханёл Міхал адправіў (і адправіць ізноў) сатану ў пекла. Нават з улікам таго, што прамой гэтая лінія выглядае ў пэўнай картаграфічнай праекцыі, такое размяшчэнне святыняў выглядае сапраўды як цуд.
Святы Арханёл Міхал з’яўляецца нябесным Апекуном Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, або, інакш кажучы, усяго Касцёла на Беларусі.

Святы Міхал таксама адзін з нябесных апекуноў Германіі і Аўстрыі, Англіі, Іспаніі, Венгрыі, дзясяткаў, а можа і соцень, гарадоў свету. Ён лічыцца заступнікам жаўнераў, паліцыянтаў і прадстаўнікоў некаторых іншых прафесій.

Паводле артыкула з сайта catholic.by


Made on
Tilda