Звеставанне нараджэння Езуса
У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца».
І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?» Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага». Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл. (Лк 1, 26-38)