У 1994 годзе ён быў зафундаваны ахвярадаўцамі – былымі жыхарамі Пружанаў - Верай Янушкевіч (ЗША) і Тэафіліей Міклашэвіч (Канада)
Урачыстасць - 15 жніўня. Парафіяльны адпуст
Дагмат Унебаўзяцця, абвешчаны ў 1950 г., быў часткаю праграмы Папы Пія ХІІ, які ўсім сэрцам клапаціўся пра распаўсюджванне марыйнай пабожнасці.
Пій ХІІ лічыў, што распаўсюджванне марыйнай пабожнасці з’яўляецца гарантыяй пашырэння дабра ў свеце і адкрытасці людзей на дары і ласкі, якія Бог прагне ўдзяліць, каб дапамагчы свету падняцца «з жудасных бедстваў» – і мінулых і тых, якія адбываюцца ў сучаснай гісторыі. Папа верыў, што абвяшчэнне новага марыйнага дагмату стане вялікім імпульсам да развіцця культу Маці Божай, і гэта накіруе свет на добры шлях.
Праўду аб Унебаўзяцці Касцёл абвясціў як дагмат веры, і гэтым самым пацвердзіў, што яна заключаецца ў Святым Пісанні і Традыцыі Касцёла. Але Біблія нічога не гаворыць пра ўнебаўзяцце Марыі... Епіфаній з ІV ст. тлумачыць гэта так: «Калі нехта лічыць, што мы памыляемся, няхай ідзе следам за Святым Пісаннем, у якім не ўзгадваецца пра смерць Марыі. Няма там ніякай інфармацыі пра тое, ці памерла Яна, ці была пахаваная... Пра гэта зусім не гаворыцца ў Святым Пісанні з прычыны велічы цуда, каб ён не прыводзіў у замяшанне розумы людзей. Выходзячы па-за межы чалавечага разумення, Святое Пісанне не ўдакладніла гэту падзею, улічваючы пашану да такога значнага і прыгожага здарэння, каб часам хтосьці не прыпісаў яму нечага з рэчаў цялесных».
Марыя, удзельнічаючы ў райскім абвяшчэнні перамогі Месіі, бярэ ў гэтай перамозе ўдзел сваім панаваннем над грахом і смерцю. Перамогу над грахом Яна атрымала ў Беззаганным Зачацці, праз якое стала далёкай ад усяго, што звязана з сатаной. Перамога над смерцю стала яе ўдзелам ва Унебаўзяцці.
Сувязным звяном паміж першым і апошнім словам Бібліі аб Жанчыне з’яўляецца галоўная падзея ў гісторыі свету – Уцелаўленне Сына Божага. Яно здзяйсняецца дзякуючы fiat Той, якую Езус назваў двойчы «Жанчынай» (Ян 2, 4; 19, 26) і якую Габрыэль прывітаў як «поўную ласкі», даючы такім чынам Марыі новае імя: як Абрам стаў Абрагамам, Сымон стаў Кефасам (Скалою), так Марыя стала Кехарытаменам (Поўнай Ласкі). Яе паўната ласкі не толькі ў Ёй самой не дае месца сатане і яго пасеву зла, але таксама шчодра праліваецца з Яе і зыходзіць на людзей, каб умацаваць іх у пераможнай барацьбе са злом.
І толькі ў Марыі здзяйсняецца найглыбейшы сэнс евангельскага абвяшчэння: «Дзе Я, там і слуга Мой будзе» (гл. Ян 12, 26). Для Яе Бог не з’яўляецца «Богам памерлых, але жывых» (гл. Мк 12, 27), а Хрыстус робіць Яе удзельніцай сваёй смерці, уваскрасення і ўнебаўшэсця (гл. Эф 2, 5н; Клс 3, 3). Марыя – гэта Тая, якая належыць да першых абуджаных ад сну (гл. 1 Кар 15, 23). У Ёй пацвярджаецца саюз паміж выбраннем, благаслаўленнем і удзелам у хвале Божай (гл. Рым 8, 30; Эф 1, 3-6). У Ёй мы бачым таксама здзяйсненне прадказання быць заўсёды з Панам (гл. 1 Тэс 4, 16). Унебаўзяцце – гэта паслядоўны ход далейшага Яе жыцця.
Ёсць толькі адна – Найсвяцейшая Марыя – цела якой было забрана ў неба.
Яе смерць была настолькі іншай, што Касцёл гаворыць не пра смерць, але пра пераход. Так павінны былі перайсці ў жыццё вечнае жыхары раю; толькі грэх прывёў на свет смерць (гл. Рым 5, 12).
Унебаўзяцце атуліла Марыю бляскам уваскрасення Яе Сына.
Унебаўзяцце Марыі з душой і целам не азначае аддаленасці Маці Божай ад людскіх спраў. Бог ёсць больш блізкі нам, чым мы самі сабе, неба бліжэй да нас, чым часовыя справы