Паходзіў з Каны Галілейскай.
Дзень памяці – 24 жніўня.
Некалькі разоў узгадваецца ў Новым Запавеце (Мц 10,3; Мк 3,18; Лк 6,14; Дз 1,13).
“Імёны ж дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і мытнік Мацвей, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананэец і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.” (пар. Мц 10,2-4)
Інфармацыі ў Новым Запавеце пра яго няшмат, таму асноўнымі крыніцамі жыццяпісу апостала Барталамея з'яўляюцца паданні. Так, паводле падання, Барталамей разам з Філіпам прапаведаваў у гарадах Малой Азіі. Традыцыя паведамляе таксама аб яго паездцы ў Індыю, а затым у Вялікую Арменію, дзе на Арташацкім узгорку ён сустрэўся з апосталам Юдам Тадэвушам (Армянская Царква лічыць іх сваімі заснавальнікамі).
Таксама, паводле падання, праз падгаворванні паганскіх жрацоў брат армянскага цара Асціага (ён жа Санатрук) схапіў святога апостала. У горадзе Альбане, па загаду Астыяга, Барталамея ўкрыжавалі ўніз галавой, але ён працягваў сваю пропаведзь, тады яго знялі з крыжа, знялі скуру, а потым абезгаловілі. Пасля гэтага вернікі ўзялі «яго цела, галаву і скуру, паклалі іх у алавяную раку і пахавалі ў тым жа горадзе, Альбане, што ў Вялікай Арменіі».
Каля 410 года мошчы Барталамея былі перанесены ў Марцірапаль (Турцыя), а каля 507 года ў горад Дара (Месапатамія). Пры нашэсці персаў у 574 годзе, па паведамленні Грыгорыя Турскага, раку з мошчамі кінулі ў мора, і яна цудоўным чынам прыплыла да вострава Ліпары (Італія). Каля 838 года мошчы перанеслі ў Беневента (Італія), дзе яны захоўваюцца ў цяперашні час у Базіліцы Сан Барталамеа. З X стагоддзя частка мошчаў апостала захоўваецца на востраве Тыберына (Рым) у царкве Сан-Барталамеа, прысвечанай апосталу. Часціцы мошчаў апостала Барталамея захоўваюцца таксама ў шэрагу афонскіх манастыроў, кафедральным саборы Святых Жанчын-міраносіц у Баку (перададзена ў 2003 годзе Канстанцінопальскім патрыярхам) і іншых месцах.