Нарадзіўся ў Галілеі. Яго бацька, Клеоп, быў братам св. Юзафа, цесляра і апекуна Езуса Хрыста. А маці, Марыя Клеопава, – сваячкай Марыі.
Яму належыць аўтарства адной з кнігаў Новага Запавету — Пасланне сьвятога Апостала Юды.
Тадэвуш азначае «адважны» (ад арам. «tadda»). Імя Юда – «годны пашаны» (ад іўр. «jada» – хваліць, дзякаваць).
Дзень успаміну – 28 кастрычніка
Узгадваецца сярод апосталаў у Новым Запавеці (Лк 6,16; Ян 14,22; Дз 1,13). У Евангелли паводле Яна менавіта ён падчас Апошняй Вячэры запытаўся ў Езуса пра Яго будучае Уваскрасенне. Пры гэтым ён названы “Юда, не Іскарыёт”, каб адрозніць яго ад Юды здрадніка.
“Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: “Пане, як сталася, што Ты хочаш аб’явіцца нам, а не свету?”” (Ян 14,22)
Згодна з паданнем, апостал Юда Тадэвуш прапаведваў у Палестыне, Аравіі, Сірыі, Месапатаміі, Арменіі, Егіпце і Лівіі. Памёр у Арменіі паміж 40-69 гг. н.в. Што датычыцца яго смерці, то існуе некалькі версій: адна з іх – натуральная смерць апостала, іншыя – пакутніцкая (укрыжаваны, распілаваны ці скатаваны палкамі). Магчымае захараненне – на тэрыторі армянскага манастыра Святога Тадэвуша на паўночным захадзе сучаснага Ірана. Частка мошчаў апостала знаходзіцца ў Ватыкане ў Саборы Святога Пятра. Невялікая частка мошчаў – у базіліцы апостала Андрэя Першазванага ў Кёльне (Германія).
Сімвалы святога: рыбацкі човен, камяні, крыж, меч, сякера, булава і кій.
Апостал Юда Тадэвуш з’яўляецца апекуном людзей, якія знаходзяцца ў цяжкіх і безвыходных сітуацыях. Таксама ён апякуецца хворымі і работнікамі службы аховы здароўя, людзямі з прафесій з высокай ступенню рызыкі (у т.л.пажарныя, міліцыя). Святы Юда Тадэвуш з’яўляецца таксама заступнікам сужэнскага жыцця. Да яго ўзносяць малітвы аб аздараўленні адносінаў з блізкаю асобаю, аб дапамозе сужэнствам у пагрозе разводу.